ТЭКТАНІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
перыяд геал. гісторыі Зямлі, які вызначаецца сукупнасцю паслядоўнага развіцця буйных структур тэктанасферы і агульнагеал. падзей. Найб. праяўлены ў геасінкліналях, дзе цыкл пачынаецца з апусканняў зямной кары, намнажэння глыбакаводных асадкаў пры праяўленні падводнага вулканізму, прыводзіць да ўтварэння на іх месцы складкавых і складкава-глыбавых структур і заканчваецца гораўтварэннем (цыклы Шціле).
Т.ц. наз. таксама цыкл складкавасці, эпоха складкавасці або складкавасць. Вылучаюць яшчэ Т.ц. як этапы развіцця складкавых паясоў (цыклы Вілсана): кантынентальнага рыфтагенезу, раннюю, спелую, згасання, заключную і рэліктавую стадыі. На платформах на пач. цыкла кантынент. ўмовы змяняюцца трансгрэсіяй мора, потым рэгрэсіяй і ўстанаўленнем кантынент. рэжыму з утварэннем кор выветрывання. Вучэнне аб Т.ц. найб. распрацавана для позняга пратэразою і фанеразою (байкальская, каледонская, герцынская, кімерыйская, альпійская складкавасці або Т.ц., гл. адпаведныя арт.). Сярэдняя працягласць Т.ц. 150—200 млн. г. Іх аб’ядноўваюць у вял. мегацыклы (каля 550 млн. г.). У дакембрыі вылучаецца не менш за 4 мегацыклы, фанеразой ахоплівае 1 мегацыкл. Уяўленні пра Т.ц. выкарыстоўваюць пры складанні тэктанічных і металагенічных карт вял. тэрыторый (Еўропы, Еўразіі, Свету). Блізкія паняцці да Т.ц. — тэктона-магматычны цыкл, арагенічны цыкл, эпоха тэктанічная.
А.М.Каўхута.
т. 16, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)